ЧЫРВАНАЦЕ́ЛЬЦАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чырванацелкі,
трамбікуліды (Trombiculidae),
сямейства трамбідыформных кляшчоў. Больш за 2 тыс. відаў. Паразіты млекакормячых жывёл, чалавека, птушак, паўзуноў і земнаводных. На Беларусі 4 віды Ч.К.: гірсутыела Захваткіна (Hirsutiella zachvatkini), аскашэнгастыя Латышава (Ascoschoengastia latyshevi), неатрамбікулы асенняя (Neotrombicyla autumnalis) і Дубініна (N. dubinini).
Даўж. да 3 мм. Цела ярка-чырв., аранжавае або жоўтае, густа ўкрытае шчацінкамі. Ногі 7-членікавыя з 2 кіпцюркамі. Яйцакладныя. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі і німфы. Цела лічынак чырв., авальнае, несегментаванае. Кормяцца насякомымі і іх яйцамі, лічынкі — паразіты. Іл. гл. да арт. Кляшчы.
С.Л.Максімава.
т. 17, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)